top of page

Азбука беларускага арнаменту

Беларускія сімвалы — гэта асаблівы від творчасці, які мае сваю гісторыю, традыцыі і тлумачэнне. Яны адрозніваюцца ад іншых багаццем каларыту і мноствам разнавіднасцяў формаў і ўзораў. Выкарыстанне іх у дызайне інтэр’ера, нацыянальных сувенірах або ва ўпрыгожванні адзення — візітная картка беларусаў, своеасаблівы шыфр, перададзены праз стагоддзі нашымі продкамі.


Асаблівасць беларускіх сімвалаў — пераважнае выкарыстанне розных геаметрычных фігур: квадратаў, ромбаў, чатырохвугольнікаў, палос і іх дэталяў. У некаторых выпадках ажыццяўляецца плаўны пераход фігур у раслінныя матывы. Цікава, што сярод беларускіх сімвалаў немагчыма знайсці сімвал смерці. Гэта звязана з тым, што для беларусаў арнамент — гэта свайго роду абярэг, які павінен змяшчаць у сабе толькі станоўчае.


Назіранні за навакольным светам дапамагалі майстрам перанесці на свае вырабы формы галінак, кветак, што зрабіла ўжо знаёмыя сімвалы больш прыгожымі. Кожны ўзор у арнаменце — сімвал, які валодае магутнай энергетыкай, нясе пэўны пасыл. Сёння мы раскажам пра самыя цікавыя з іх.


Узоры жыцця


Такі матыў вышывалі, калі прасілі Бога, каб чалавек прыйшоў у пачуцці і з ім было ўсё добра (мал.1). А вось калі ў жанчыны не было дзяцей, то на яе вопратцы вышывалі сімвал Сонца( мал.2), які перамяшчаўся ў сімвал Зямлі (мал.3). Гэты ўзор шырока распаўсюджаны ў беларускім ткацтве. Калісьці яго можна было ўбачыць у кожным сялянскім доме, бо ён лічыўся цудадзейным. Называлі яго па-рознаму: Жыццё, Вясна, Ярыла. Гэта адзін з смых старажытных сімвалаў, у якім зашыфравана таямніца жыцця.







Узоры ўраджаю і ўрадлівасці


У дахрысціянскія часы галоўнымі багамі лічыліся бог Сонца і багіня Маці-Зямля. Ад іх залежала ўсё жыццё на Зямлі. Яны кахалі адзін аднаго, і ў іх былі дзеці — Ярыла і Вясна. Ад Ярылы і пайшло ўсё дабро: жыта, ячмень. У народным уяўленні яго вобраз звязвалі з абуджэннем прыроды пасля зімовага сну. Ярыла увасаблены ў многіх узорах. Так, некаторыя прадстаўлялі яго на кані (мал.4).


Таксама важны сімвал ураджаю — Жытняя Баба (мал.5). Яе рабілі з снапа, які перавязвалі ручніком, палівалі вадой і ставілі пад абразамі. Жанчыны лічылі, што Жытняя Баба вылечвала ад жаночых хвароб, дапамагала пры родах. Хто яе шанаваў, у таго заўсёды быў добры ўраджай.


Вобраз маці


Вобраз маці з дзіцем (мал.7) можна сустрэць у народных мастацкіх творах усяго свету. Асабліва папулярны ён у беларусаў. Нашы продкі славілі жанчыну-маці (мал.8), упрыгожвалі гэтым сімвалам многія свае вырабы.


Вобраз маці і дзіця (мал.9) — увасабленне любові, дабрыні і прыгажосці, якія натхнялі майстроў і мастакоў усіх часоў і народаў. Гэты вобраз вельмі любілі беларускія ткачыхі і вышывальшчыцы.


Найвышэйшае ўвасабленне любові, дабрыні і прыгажосці - маці і дзіця (мал.9), якія натхнялі майстроў і мастакоў усіх часоў і народаў. Гэты вобраз вельмі любілі беларускія ткачыхі і вышывальшчыцы.










Узоры кахання


Цікава, як раней праз вышыўку дзяўчыны выказвалі свае пачуцці. Яны выкарыстоўвалі ўзоры, якія абазначалі каханне, што толькі пачыналася (мал.10), пачуццё ў росквіце (мал.11) і без узаемнасці (мал.12). Праз вышыўку на покрывах і ручніках жанчыны расказвалі пра свае думкі і перажыванні. Калі дзяўчына ўлюблялася ў юнака, яна вышывала ручнік з голубам і галубкай. Хлопец аб гэтым даведваўся пазнаваў і прыязджаў да яесватацца.










А калі ў шлюбе не было дзяцей, бабулі раілі жонкам вышываць Маці-радзіцельніцу і Святое Дрэва (мал.13).


Сёння чырвона-белымі сімваламі на вопратцы ці, скажам, на сшытках ужо мала каго можна здзівіць. Беларускі арнамент вельмі папулярны сярод прадстаўнікоў сучаснай моладзі. Адкрываюцца крамы з вышыванкамі, кубкамі, ручкамі. Усё часцей сустракаюцца аўтамабілі з такім малюнкам на шкле. Беларускі арнамент прыцягвае, зачароўвае і выклікае гонар.


Марыя Крупская, першы сакратар ГА “БРСМ” ВДУ:


— У 2016 годзе Міністэрства культуры і ГА “БРСМ” выступілі з ініцыятывай правядзення свята “Дзень вышыванкі” напярэдадні Дня Незалежнасці нашай краіны. Канцэртная праграма з нацыянальным каларытам, майстар-класы рамеснікаў, традыцыйныя беларускія стравы, духмяная травяная гарбата, конкурсы ад самай маладзёжнай арганізацыі краіны і, безумоўна, адзенне з беларускім арнаментам – усё гэта можна было ўбачыць на мерапрыемстве. Студэнты нашага ўніверсітэта з радасцю ўдзельнічаюць у такіх святах, займаюць першыя месцы ў фотаконкурсах і нават у паўсядзённым жыцці апранаюцца ў вышыванкі.


Беларускія ўзоры — самабытныя каларытныя элементы, унікальныя сваім старажытным паходжаннем, а таксама арыгінальным выглядам. Па сённяшні дзень яны прыцягваюць і зачароўваюць, засаюцца папулярнымі. Таму нам важна ведаць і разумець іх сэнс, каб захваць і перадаць беларускі арнамент наступным пакаленням.


Валянціна Крук, студэнтка факультэта сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі


bottom of page