top of page

Правілы жыцця. Міхась Цыбульскі

Выдатны мастак, арганізатар шматлікіх выстаў, куратар міжнародных праектаў, уладальнік звання “Чалавек года Віцебшчыны”, дацэнт кафедры выяўленчага мастацтва нашага ўніверсітета — гэта ўсё можна сказаць пра Міхася Леанідавіча Цыбульскага. Выкладчык, якога любяць і паважаюць калегі і студэнты, стаў госцем рэдакцыі VSUonline.



Дзяцінства


У дзіцячы садок я не хадзіў. Бацькі былі на працы і маім выхаваннем займалася бабуля, якая жыла з намі і цудоўна гатавала. У дзяцінстве многа хварэў, пакуль летам нада мной не ўзяў «шэфства» муж маёй дваюроднай сястры дзядзька Толя. Аднойчы ўвечары ён сабраў дзяцей і паведаміў, што заўтра раніцай мы будзем мыцца пад вулічнай калонкай. Памятаю, як агаліўся па пояс і нырнуў пад ледзяную струю, а потым з крыкамі і рогатам бег па вясковай вуліцы, аб чым з гонарам расказаў маці. Яна вельмі баялася, што пасля гэтага я ў чарговы раз захварэю. Але атрымалася ўсё наадварот: ад майго хранічнага танзіліту паступова не засталося і следу.


Мае бацькі сябравалі з сям’ёй Дзмітрыя Іванавіча Адаменкі, які на той час быў падпалкоўнікам віцебскай 103 паветрана-дэсантнай дывізіі. Ён быў для мяне сапраўдным узорам, эталонам для пераймання, таму я вырашыў, што абавязкова стану ваенным. Калі ён убачыў маю зацікаўленнасць, то падараваў мне цэлы набор «цацак»: малінавы і блакітны берэты, фуражку, гімнасцёрку, пагоны, пятліцы, ваенныя значкі. Бабуля пашыла мне па росту ваенную форму, прышыла пагоны, і я з радасцю насіў яе летам.


Я вучыўся ў СШ №9 (зараз гімназія №2) г. Віцебска. Склад настаўнікаў у мяне быў проста шыкоўны. З другога класа мы вучылі англійскую мову, якую выдатна выкладала Ася Вульфаўна Вендрава. У 8 класе я зразумеў, што па стану здароў’я не змагу паступаць у ваенную вучэльню. І, як мне помніцца, не вельмі знерваваўся.


Адначасова ўжо нейдзе гадоў у 14 я асвоіў гітару і пачаў прымаць удзел у канцэртах у складзе ВІА, якім на прадпрыемстве «Маналіт» кіраваў мой старэйшы брат Мікалай. Больш за ўсё запомнілася паездка на крэйсер «Аўрора». У той час карабель стаяў на прыколе, але яго абслугоўваў экіпаж матросаў, перад якімі мы і выступалі. Некалькі дзён мне давялося жыць на самім крэйсеры, і напрыканцы ад капітана я атрымаў у падарунак буклет з гербавай пячаткай крэйсера і ленту «Аўрора». Такога не было ні ў каго.



Маляваць мне вельмі падабалася з дзяцінства, але рабіў я гэта звычайна дома ці на ўроках у школе. Падтрымліваў маю цягу да жывапісу мой настаўнік А.А. Шадаў. А яшчэ маніла творчасць. Летам на першай змене ў піянерскім лагеры штогод сутыкаўся са студэнтамі мастацка-графічнага факультэта, якія прыязджалі туды працаваць часцей не выхавацелямі, а мастакамі-афарміцелямі. Для мяне гэта былі запамінальныя моманты назірання за іх працай, вольным жыццём, раскаванымі паводзінамі, размовамі.




Аб юнацтве і студэнцтве


Мастацка-графічны факультэт педінстытута для паступлення быў выбраны невыпадкова. На пытанне, кім хочаш быць, я адназначна адказваў: мастаком, бо марыў працаваць у мастацка-вытворчых майстэрнях. Адзін вельмі паважаны сябра майго бацькі, калі гэта пачуў, быў вельмі здзіўлены: «Дзе? Там жа працуюць адны алкаголікі». Такімі словамі ў маіх вачах былі пакрыўджаны ўсе мастакі.


Вучыцца ў інстытуце мне было сапраўды цікава. Сесіі здаваліся без крытычнага напружання, нярэдкімі былі і так званыя «аўтаматы» па заліках. Больш за ўсё ўвагі я надаваў малюнку і жывапісу, іншым спецыяльным прадметам. Мне пашанцавала застаць яшчэ той час, калі на кафедрах МГФ працаваў увесь склад мэтраў: Сталяроў, Анцімонаў, Арлоў, Гаўрушка, Мемус, Ляховіч, Чміль і многія іншыя.



Жывапіс з першага курса быў для мяне адным з асноўных прадметаў. Ужо ў першым семестры, нягледзячы на тое, што нас вучылі акварэлі, я набыў сабе алейныя фарбы і пачаў спрабаваць імі працаваць, хадзіў на пленэр нават узімку.


На 3 курсе мне асабліва пашанцавала з выкладчыкам алейнага жывапісу. Яўген Антонаў прыйшоў да нас на трэці курс у самым росквіце сваіх творчых сіл. Выдатны майстар малюнку, які проста шыкоўна валодаў алейнай тэхнікай. Але ж больш важнымі былі нашы з ім дыялогі падчас перапынкаў ці ў канцы заняткаў. Выкладчык раіў нам пачытаць тыя, ці іншыя кнігі, прыгадваў у якасці прыкладаў малавядомыя нам імёны мастакоў. Сёння мне здаецца, што галоўнае, чаму ён нас вучыў акрамя жывапіснай тэхнікі, гэта уменню творча мысліць. Пауплываў Антонаў і на маю «оптыку» успрыняцця мастацтва, на фарміраванне майго мастацкага густу. Вельмі запамінальнымі і сапраўды важнымі для мяне былі і заняткі ў графічнай майстэрні, ў майстэрнях па мастацкай апрацоўцы дрэва, метала. У той час нават думкі не было пра тое, што нейкія віды мастацкай творчасці могуць аказацца непатрэбнымі ў далейшым.


І, безумоўна, не магчыма было ўявіць сабе знаёмства з мастацтвам без засваення яго гісторыі. З першага курса гэта быў мой любімы прадмет. Я імкнуўся шмат чытаць, практычна не вылазіў з залы літаратуры па мастацтве абласной бібліятэкі. Наведваў практычна ўсе віцебскія мастацкія выставы, рэгулярна выязджаў у музеі Масквы і Ленінграда, дзе з вялікім задавальненнем глядзеў як пастаянныя экспазіцыі, так і маштабныя выставы савецкіх і замежных мастакоў, што адкрываліся ў той час.

Ну а потым была 6 гадовая праца ў вясковай васьмігадовай школе, вучоба ў завочнай аспірантуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, падрыхтоўка дысертацыі і яе абарона ў Маскве.



Пра працу


Звычайна дзень пачынаецца з прагляду электроннай пошты і аналізу інтэрнэт-навінаў. Ну а далей па-рознаму: адпраўляюся ва універсітэт ці працягваю працу за камп’ютарам, працую ў майстэрні ці рыхтую куратарскі праект у музеі. Запланаванае на дзень часам перавышае разумныя межы і чалавечыя магчымасці. Але ж іншага шляху няма: хочацца паспець усё зрабіць. Растаўляць прыярытэты часам не атрымоўваецца – усе справы надзвычай важныя і першачарговыя, таму “расцягваю” дзень і часта працую ноччу.


Натхненне прыходзіць падчас любой працы, якая мяне захапляе і прыносіць задавальненне. У калегах, да і ў людзях увогуле заўсёды цаню прафесіяналізм, але не менш — прыстойнасць, шчырасць, сумленнасць, і, вядома ж, талент і розум.




Пра мову


Так ужо склалася, што ў школе беларускую мову я не вывучаў, аб чым сёння, вядома ж, шкадую. Яе важнасць і неабходнасць для сябе адчуў тады, калі трапіў у аспірантуру і пачаў даследваць беларускае мастацтва. У той час узнікла жаданне пісаць і размаўляць на роднай мове. Да і адчуванне таго, што на беларускай мове сэнс сказанага і напісанага гучыць больш дакладна, дамінавала. Але ж не ўсё было проста: каб падрыхтаваць, напрыклад, для газеты машынапісны тэкст артыкула мне давялося пабегаць па Віцебску: у нашым інстытуце была адна машынка для друку з перапаянымі літарамі беларускага алфавіта, але да яе было не дабіцца. Я набыў сабе ўласную машынку для друку, навучыўся друкаваць, а да таго ж фатаграфаваць, праяўляць, рабіць здымкі для перыядычных выданняў. Так пачынаўся мой шлях у журналістыку.


Перабудова і новая хваля Беларускага Адраджэння адкрылі мне шмат новага пра маю Радзіму, гісторыю маёй Айчыны, яе славутых герояў... Беларуская мова стала для мяне неад’емным спадарожнікам не толькі культуры і мастацтва, у прасторы якой я жыў і прафесійна развіваўся, але і СІМВАЛАМ, ГОНАРАМ маёй краіны. Я адчуў сябе сапраўдным беларусам, змог пачуць і ацаніць прыгажосць і мілагучнасць беларускай мовы. І пачаў прынцыпова карыстацца ёю ў паўсядзенным жыцці. Прыемна, што ў асяродку творчай інтэлігенцыі – сярод акцёраў, мастакоў, літаратараў, музыкаў да і навукоўцаў, увогуле людзей адукаваных, беларуская мова заўсёды атрымлівала падтрымку.


Пра адпачынак


Што такое вольны час, шчыра кажучы, я не разумею. Ці яго ў мяне проста няма. Увесь час у сутках мною скіраваны на нейкую справу. Адпачываю, калі змяняю форму дзейнасці ці пачынаю займацца менш адказнай працай. Але, вядома ж, час ад часу адкладаю ўсе справы убок і з задавальненнем наведваю тэатр і філармонію, гуляю па нашым цудоўным горадзе. На жаль, у апошні час мастацкая літаратура нярэдка «стаіць у чарзе», прыярытэт аддаецца кнігам па мастацтву, філасофіі, культуралогіі. А вось музыка заўсёды побач са мной: любімы джаз ва ўсіх яго разнавіднасцях, разнастайная інструментальная музыка, да і некаторыя жанры эстраднай, поп-музыкі зусім не перашкаджаюць творчай, рабочай атмасферы.


Пра выставы


Сур’ёзна і мэтанакіравана курыраваць мастацкія выставы я пачаў у сярэдзіне 1980-х, калі зблізіўся з новастворанай суполкай мастакоў «Віцебская акварэль». Выкананне абавязкаў толькі мастацтвазнаўцы мне падалося недастатковым для паўнавартаснай арганізацыі выставы. Сам час патрабаваў больш актыўны «promotion» для таго ці іншага мастацкага праекта. Пісаць толькі тэксты анатацый, прэс-рэлізаў, артыкулаў для каталогаў было мала. Трэба было асвойваць і новыя формы дзейнасці: вучыцца рабіць рэкламу, ствараць экспазіцыі, займацца маркетынгам. Паступова, дзякуючы сыну, я бліжэй пазнаёміўся з некалькімі графічнымі рэдактарамі, пачаў сам рабіць арыгінал-макеты афіш, банераў.



З канца 1990-х пачаў арганізоўваць у нашым горадзе выставы мастакоў з Латвіі, супрацоўнічаць з Консульствам Латвійскай рэспублікі ў Віцебску. Апошняе дзесяцігоддзе штогод у кастрычніку-лістападзе арганізую шэраг выстаў у межах «Дзён мастацтва Латвіі ў Віцебску».


Працягніце фразу:

Для мяне сяброўства гэта – усведамленне вялікай адказнасці, бескарыслівасць, узаемапавага і ўзаемадапамога, адкрытасць, шчырасць і максімальны давер, блізкасць жыццёвых пазіцый і поглядаў.


Каб дасягнуць поспеху трэба – быць мэтанакіраваным, упартым у дасягненні мэтаў і разам з тым заўжды імкнуцца да таго, каб у жыцці рабіць тое, што падабаецца, што заўсёды прыносіць задавальненне. На мой погляд, для гэтага сваю прафесію і сваю будучую працу трэба проста любіць.


Студэнтам ВДУ я жадаю – знайсці свой шлях у жыцці і верыць, што нічога недасягальнага для апантанага і ўлюбёнага ў сваю справу чалавека няма!



Алена Юхно, Вікторыя Чакушка


bottom of page