top of page

Беларуская мова – спецыяльнасць, прафесія, лад жыцця


Чалавек можа лічыцца паспяховым тады, калі ўпэўнена ідзе па жыцці, дамагаецца намечанага, дасягае вяршыні ў сваёй прафесійнай дзейнасці.


Але каб быць паспяховым у сваёй справе, трэба любіць тое, што робіш, трэба, каб твая праца прыносіла табе задавальненне.


Таму вельмі важна правільна выбраць навучальную установу і спецыяльнасць, якая ў далейшым дапаможа табе стаць запатрабаваным прафесіяналам.


Напярэдадні такога выдатнага, блізкага для ўсіх свята – Дня роднай мовы – рэдакцыя інтэрнэт-газеты VSUonline вырашыла даведацца, чаму выпускнікі, выкладчыкі і супрацоўнікі нашага ўніверсітэта абралі беларускую мову і літаратуру сваёй спецыяльнасцю і зрабілі іх часткай сваёй прафесіі.


Іна Падрэцкая, карэспандэнт тэлерадыёкампаніі «Віцебск»:


– У старэйшых класах школы я вырашыла, што ў будучыні хачу стаць журналістам. Зыходзячы з гэтага, выбірала ўніверсітэт і факультэт. Далёка ад'язджаць не хацелася, таму, перш за ўсё, разглядала віцебскія ВНУ. У ВДУ імя П.М. Машэрава знайшла патрэбную спецыяльнасць – «Беларуская філалогія (літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць)». Зразумела, яна не была цалкам прысвечаная прафесіі, якую я абрала. Але ў гэтым былі свае плюсы: у мяне з'явілася магчымасць стаць спецыялістам шырокага профілю. Плюс да ўсяго, можна было падвучыць беларускую мову, якая з дзяцінства была па душы.


Калі ўспамінаю пра вучобу, разумею, што больш за ўсё мне запомніліся менавіта людзі, якія ў студэнцкія гады былі побач. Па-першае, выкладчыкі. З дня ў дзень на занятках яны вучылі новаму, закладвалі той неабходны «падмурак» ведаў і ўсё больш абуджалі ў нас, студэнтаў, любоў да роднай мовы. Вялікі дзякуй ім за гэта! Асабліва хочацца адзначыць дацэнта кафедры беларускага мовазнаўства Віктара Іванавіча Несцяровіча, дзякуючы якому ва ўніверсітэце і пачаўся мой шлях журналіста яшчэ на першым курсе.


Па-другое, супрацоўнікі ўніверсітэцкай газеты «Мы і час», якія падтрымлівалі ўсе мае пачынанні і дапамагалі «набіваць руку» на практыцы. І, па-трэцяе, безумоўна, аднагрупнікі, разам з якімі 4 гады ў ВДУ праляцелі хутка і насычана.


Сёння я з'яўляюся супрацоўнікам тэлебачання. У маёй працы мне вельмі спатрэбіліся веды, атрыманыя падчас навучання ва ўніверсітэце. За 4 гады вучобы, дзякуючы тэарэтычным заняткам, у мяне сфармавалася пэўная «база» па журналістыцы, якую цяпер я прымяняю на практыцы. Не менш важным аказалася і тое, што я вывучала беларускую мову. Зараз гэта дазваляе мне свабодна суразмоўнічаць з рэспандэнтамі і пісьменна ствараць сюжэты для навін.


Андрэй Шчарбіцкі, уласны карэспандэнт БЕЛТА па Віцебскай вобласці:


– Спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура. Журналістыка» абраў праз яе ўніверсальнасць. Ты мог стаць і педагогам, і журналістам – усё залежыла ад тваёй актыўнасці. Акрамя таго, вучыўся ў беларускамоўнай школе ў Глыбокім, таму вырашыў працягнуць навучанне на роднай мове.


Для журналіста галоўнае – практыка. Напэўна, тэорыя ў гэтай прафесіі займае каля 20%, яна неабходна для старту. Потым ты вучышся на сваім вопыце. Асноўнай пляцоўкай, асабліва ў першыя гады, для адточвання навыку стала ўніверсітэцкая газета «Мы і час». Тут адпраўлялі на рэдакцыйныя заданні, давалі карысныя парады, дапамагалі, раілі. Заўсёды можна было прыйсці з рознымі праблемамі і пагутарыць у прыемнай кампаніі. Калектыў газеты многае даў, і гэта кажуць журналісты з розных выданняў. Акрамя профільных дысцыплін, таксама былі прадметы («Паліталогія», напрыклад), якія пашыралі кругагляд, эрудыцыю, вучылі дыскутаваць і фарміравалі асобу.


Як і для многіх, універсітэцкія гады запомніліся розным: новымі знаёмствамі, гарачымі футбольнымі гульнямі, прагуламі нудных пар, паездкамі ў межах студэнцкага абмену ў Польшчу. Народная любоў была (і думаю, ёсць) у Юрыя Міхайлавіча Бабіча. Красамоўны, адукаваны, з пачуццём гумару выкладчык. Яго заняткі давалі не толькі веды, але і добры настрой. Узгадваецца і напісанне дыпломнай працы. Было не проста, але цярпенне і прафесіяналізм Алены Сяргееўны Дзядовай вельмі дапамагаў. Кожны педагог пакінуў свой след, а ўлюбёныя фразы некаторых запомніліся назаўжды. Таксама засталася ў памяці вучоба на ваеннай кафедры і асабліва практыка ў заслонаўскай часці.


Алеся Саматой, вядучы карэспандэнт гарадской газеты «Віцьбічы»:


– Яшчэ ў дзяцінстве я вырашыла, што ў будучым стану журналістам. У школьныя годы пачала друкавацца ў рэспубліканскай газеце «Раніца», пісала туды вершы, замалёўкі пра цікавых людзей. А яшчэ побач заўсёды быў цудоўны прыклад сапраўднай любові да роднай культуры, гісторыі, традыцый... Гэта мая маці. Таму выбар факультэта беларускай філалогіі і культуры быў відавочным.


Я згодна з выказваннем, што студэнцтва – самы яркі перыяд жыцця. Гэта і новая карысная інфармацыя, і спартыўныя спаборніцтвы, і магчымасць рэалізаваць свае творчыя здольнасці. Часцей за ўсё ўспамінаю нашу канцэртную дзейнасць – фестываль «Хіт-парад», да якога рыхтаваліся не адзін месяц! Мы літаральна жылі гэтым форумам і дзень, і ноч! Дарэчы, з тымі, з кім разам выступалі (не толькі з майго факультэта), і зараз падтрымліваем цёплыя сяброўскія зносіны.


Безумоўна, усе веды, набытыя ва ўніверсітэце, я выкарыстоўваю ў сваёй працы. Я вельмі ўдзячна выкладчыкам кафедры беларускага мовазнаўства і беларускай літаратуры не толькі за прафесіяналізм, але і за ўрокі мудрасці, чалавечнасці і дабра.


Аляксей Трубін, старшыня прафкама студэнтаў ВДУ імя П.М. Машэрава:


– Падчас майго паступлення ва ўніверсітэт, гэта як раз пачатак 90-х гадоў, паўсюль праходзіла беларусізацыя, родная мова была на ўздыме. Добра і граматна размаўляць па-беларуску, ведаць беларускіх пісьменнікаў у той час сярод моладзі было модна, таму на гэтую спецыяльнасць быў і вельмі вялікі праходны был. Аднак я добра здаў усе іспыты і стаў студэнтам факультэта беларускай філалогіі і культуры.


Больш за ўсё са студэнцтва мне запомнілася наша творчая дзейнасць, асабліва пастановы студэнцкага тэатра, які ўзначальваў цудоўны чалавек і выкладчык Уладзімір Апанасавіч Сівіцкі. Намі было пастаўлена 7 спектакляў, а 3 з іх ішлі па беларускім тэлебачанні. Кожная пастанова збірала такі аншлаг, які сучасным мерапрыемствам не перакрыць ніколі, бо людзям не хапала месца ў зале і прыходзілася сядзець на ступенях ці ўвогуле стаяць.


Нават зараз я добра памятаю ўсіх выкладчыкаў. Але ж, як правіла, мы помнім не тых, хто добра выкладаў ці добра да нас адносіўся, а тых, хто, як кажуць, мог і «скуру спусціць». Лідзія Іванаўна Злобін, Марозава Яўгенія Нічыпараўна – тады толькі і размоў было, што пра гэтых выкладчыкаў, іх заняткі мы наведвалі абавязкова. Канешне ж гэта і дэканы нашага факультэта: Людміла Сяргееўна Васюковіч і Віктар Іванавіч Несцяровіч. Дзякуючы Віктару Іванавічу факультэт стаў такім, якім ён быў у лепшыя сваі гады.


Добры калектыў выкладчыкаў, студэнтаў-аднадумцаў, людзей, якія былі неабыякавыя да станаўлення беларускай мовы, добра і з павагай адносіліся адзін да аднога зрабілі так, што я ніколі не пашкадаваў,што абраў для паступлення гэты факультэт.


Генадзь Арцямёнак, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства, кандыдат філалагічных навук, дацэнт:


– Я нарадзіўся ў беларускай глыбінцы, невялікай вёсцы ў цэнтры Бярэзінскага біясфернага запаведніка, і беларуская мова ў яе народна-дыялектнай форме з самага маленства ўвайшла ў маё жыццё. На ёй гаварылі бацькі, абедзве бабулі, усе сваякі, сябры і суседзі. Беларуская мова была для мяне першай, асноўнай, роднай у спрадвечным значэнні гэтага слова. Руская мова прыйшла крыху пазней, калі я навучыўся чытаць, праз кнігі і СМІ, таксама зусім натуральным шляхам, без спецыяльнага навучання.


У школе мне вельмі падабаліся ўрокі беларускай і рускай мовы і літаратуры. Я ніколі не вучыў спецыяльна правіл правапісу, але пісаў заўсёды без памылак, бо вельмі шмат чытаў і, адзін раз убачыўшы, зрокава адразу запамінаў графічнае аблічча слова. У той час я прачытаў амаль усю сусветную класіку дзіцячай літаратуры. Таму далейшы жыццёвы шлях быў практычна прадвызначаны.


У школьныя гады маім любімым творам быў «Евгений Онегин», я ледзь не ўвесь тэкст ведаў на памяць. (Дарэчы, мая маці, бібліятэкар па прафесіі, і сёння цытуе па памяці шматлікія ўрыўкі з яе любімага твора – «Новай зямлі» Якуба Коласа). Вялікі ўплыў на маё канчатковае рашэнне ў выбары прафесіі аказаў любімы настаўнік рускай мовы і літаратуры, выпускнік БДУ Мікалай Міхайлавіч Карданаў, які і параіў мне сваю альма-матар для паступлення.


Так я прыйшоў на філфак БДУ на «двайную» спецыяльнасць, якая тады называлася «беларуская і руская мова і літаратура», і потым ніколі пра гэта не пашкадаваў. Памятаю, як мой бацька, настаўнік пачатковых класаў і сурдапедагог (сам ён заканчваў Ленінградскі педінстытут), казаў, што з беларускай мовай у Беларусі заўсёды будзеш адчуваць сябе больш упэўнена і камфортна. У незабыўныя гады студэнцтва я асабіста пазнаёміўся з многімі выкладчыкамі, беларускімі пісьменнікамі, паэтамі, ад якіх успрыняў прафесійную захопленасць беларусістыкай, пачаў пісаць даследаванні па маёй «першай» спецыяльнасці.


Ну а потым усё так удала склалася, што я быў запрошаны на працу ў Віцебскі педінстытут на новую, толькі арганізаваную кафедру беларускай мовы і літаратуры, дзе беларуская філалогія стала і маёй прафесіяй, і зацікаўленасцю, і любімай справай жыцця. Пры гэтым я не менш любіў і люблю рускую мову, на якой створаны і пераствораны шляхам перакладу сапраўдныя шэдэўры сусветнай культуры і чалавечай цывілізацыі.


Сёння, па маім глыбокім перакананні, кожны беларус павінен ведаць, любіць і шанаваць мову свайго народа – беларускую мову, бо яна – наш сімвал і абярэг, наша гісторыя і культура, наш гонар і неацэнны скарб, які захавае і перадасць інфармацыю пра нас і нашы часы наступным пакаленням.


Наталля Тарарышкина, Алена Юхно


bottom of page