Я вучылася ў Вышадскай дзіцячы сад – сярэдняй школе Гарадоцкага раёна. Беларускую мову і літаратуру ў мяне з пятага класа выкладала Людміла Фёдараўна Хлябоўская. Яна прывівала дзецям любоў да роднай мовы, з такім натхненнем размаўляла на ёй, што гэта перадавалася нам, яе вучням. А яшчэ настаўніца заўсёды з павагай ставілася да дзяцей і верыла ў кожнага, хто прыходзіў да яе на ўрок.
Людміла Фёдараўна заўсёды казала, што задача кожнага беларуса – захаваць родную мову для нашчадкаў, што менавіта настаўнікі павінны несці шчырае беларускае слова вучням і студэнтам. А дапамагчы ім у гэтым можа мастацкая літаратура, тэатр, кінематограф.
Людміла Фёдараўна ў 1973 годзе скончыла Гарадоцкую школу № 1. Хацела вучыцца ў Мінскім дзяржаўным універсітэце імя Леніна на філасоўскім аддзяленні, але не прайшла па конкурсе. Праз год паспрабавала яшчэ раз, але зноў не атрымалася
У 1975 годзе Людміла Фёдараўна паступіла ў тады Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Кірава на філалагічнае аддзяленне па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура».
З пачуццём удзячнасці яна і сёння ўспамінае любімых выкладчыкаў: А.М. Канапельку, Л. М. Вардамацкага, І. Л. Лапіна, З. А. Андрыянаву, куратара групы А. С. Емельянава.
«У тыя часы студэнты і выкладчыкі жылі адной дружнай сям’ёй. Факультэцкае жыццё было вельмі насычаным: студэнты з задавальненнем спявалі ў інтэрнацкім хоры, вельмі любілі храм ведаў – бібліятэку, рэгулярна наведвалі вечарыны ў гонар пісьменнікаў, не прапускалі сустрэчы з артыстамі і літаратарамі, якія прыязджалі ў інстытут.
Сапраўднай радасцю для нас былі паходы ў драматычны тэатр імя Якуба Коласа, дзе гучала жывое беларускае слова і панавала атмасфера беражлівага стаўлення да роднай мовы. Нярэдка студэнты з выкладчыкамі наведвалі родныя мясціны вядомых пісьменнікаў. І сёння памятаю, як мы ездзілі ў вёску Вязынка, бачылі хату, дзе нарадзіўся Янка Купала», – успамінае Людміла Фёдараўна.
Педагагічную практыку Л.Ф. Хлябоўская праходзіла ў сярэдняй школе № 15 г. Віцебска ў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, заслужанага настаўніка БССР Ядвігі Іванаўны Бардашкевіч, якая навучыла не толькі складаць планы урока, але і жыць школьным жыццём.
Пасля заканчэння інстытута ў 1979 годзе, Людміла Фёдараўна патрапіла ў вясковую Вышадскую дзіцячы сад – сярэднюю школу Гарадоцкага раёна, там і працавала да пенсіі, атрымала падзяку ад Міністэрства адукацыі.
«Я ніколі не шкадавала, што прысвяціла сваё жыццё вучням. Канешне, былі і цяжкасці, бо да кожнага дзіцяці неабходна знайсці індывідуальны падыход. Сапраўдны настаўнік павінен любіць сваю справу і бескарысліва аддаваць сваё сэрца дзецям», – адзначыла Людміла Фёдараўна.
Сёння мая настаўніца на пенсіі, але кожны яе былы вучань ведае, што ён у любы час можа звярнуцца да яе па дапамогу, параду ці проста каб пагутарыць пра жыццё. Для кожнага з нас Людміла Фёдараўна – прыклад адданасці і любові да сваёй справы і да роднай мовы.
А напрыканцы я б хацела прывесці верш, які напісала Людміла Фёдараўна:
Мы часта скардзімся на тое,
Што ўсё ж жывём у нялёгкі час,
Што дрэннае жыццё зямное,
Бо шмат турбот, праблем у нас.
Шаноўныя! Жыццё – то ж дар
Нам Богам дадзены аднойчы.
Над ім з нас кожны гаспадар,
Не пражывеш яго ты двойчы.
І замест скаргаў, мітусні
Ідзі к святлу сваёй дарогай –
Дарога праўды, дабрыні,
Да лепшага жыцця зямнога.
Анастасія Марозава,
студэнтка 3 курса філалагічнага факультэта