top of page

Як пачаць размаўляць па-беларуску? Вопыт студэнта гістарычнага факультэта


Хтосьці кажа, што сёння размаўляць па-беларуску стала агульным трэндам. Але ж трэба памятаваць, што беларуская мова – першая ў нашай канстытуцыі, і кожны мае права яе ўжываць і карыстацца штодзённа. Але што рабіць, калі ў тваім асяроддзі ніхто не размаўляе на роднай? Як перастаць пераставаць і пачаць пачынаць? Мы звярнуліся да студэнта гістарычнага факультэта, капітана каманды гульні “КВН”, удзельніка тэатральнага гуртка “Буклерон”, прэзідэнцкага стыпендыянта Уладзіслава Улаховіча.

З чаго пачалося тваё знаёмства з роднай мовай?


- У мяне ўсе напэўна пачалося з маленства. Першае, што я памятаю, звязанае з беларускай мовай – гэта як маці чытала мне беларускамоўныя казкі. Пасля была беларуская мова ў школе: розныя заняткі, літаратура, якая прынесла творы, якія мяне чымсці чаплялі (“Паром на бурнай рацэ”, “Дзікае паляванне караля Стаха”). Значна большы штуршок прыйсці да мовы мне даў універсітэт і ўсе, што з ім звязана. І канешне, пераезд у Віцебск з Навалукомлю.


Як ты прыйшоў да думкі, што трэба размаўляць па-беларуску?


Я бы хацеў адзначыць некалькі пунктаў:


1. Тэатр. Да пераезда ў Віцебск у тэатры ніколі не быў, уяўляў толькі ўскосна, што гэта такое.

Упершыню прыйшоў на “Несцерку” і адразу трапіў на стагоддзе тэатра. Уся гісторыя, сама пастанова, сам будынак – для мяне гэта быў культурны ўдар. Я не ведаў, што ў тэатры большая частка пастаноў на беларускай мове.


2. Знаёмства з новымі беларускамоўнымі гуртамі. Так, ёсць шмат беларускіх ансамбляў – класіка, але яны не датычацца нашай эпохі, яны цікавы больш сталаму пакаленню, а нам патрэбна іншае. І тут раптам я даведаўся пра "Рэспубліку Паліну", "Наві", "Дзецюкі" – апынулася, што іх шмат. Пачаў іх слухаць і мне спадабалася, такая ж музыка, як і ўся астатняя.


3. Потым быў выкладчык – Юрый Міхайлавіч Бабіч. Раней ніколі не было такога, каб нам што-небудзь расказвалі пра мову. А тут мы даведаліся пра гісторыю мовы, пра тое, як яна фарміравалася, адкуль пайшла лексіка - і не трэба казаць, што гэта мікс моў, ёсць у нашай мове словы толькі нашы. Так, яна фарміравалася з дапамогай суседніх, як і ўсе астатнія. Ні горш, ні лепей, такая ж як і ўсе. Калі на занятках мы перайшлі да практыкаванняў, я зразумеў, што ніколі не сустракаў такой падачы. Заданні цікавыя, па большай частцы творчыя. Хацелася прыходзіць на пары хворым – а што сёння нам раскажуць? Хацелася выканаць усе заданні – а вось гляньце, што я прыдумаў!


4. У нейкі момант адносна папулярна стала пераходзіць на мову. Ад сяброў слыхаў: перайду на мову! Але ж усе гаварылі і не пераходзілі. А я ніколі не гаварыў, выходзіў пасля пар і вітаўся з усімі па-руску. А потым падумаў: ці не паспрабаваць мне? Колькі я пратрымаюся?

І вось эксперымент працягваецца 2 гады.


Якія будуць прапановы для тых, хто хоча перайсці на мову?


Рэцэпт просты: трэба на ёй размаўляць! А калі толькі пачынаеш: сказаў штосьці – паспрабуй перакласці на беларускую мову. Завядзі нататнік (заметкі ў тэлефоне). Таксама трэба чытаць кнігі - гэта самае простае, пасіўны запас становіцца актыўным. Наведванне розных беларускамоўных мерапрыемстваў: "Мова нанова", дыктоўка агульная. Папрасіце, каб людзі, якія ведаюць мову лепей, выпраўлялі, калі робіце памылкі.


А навошта трэба беларусам размаўляць па-беларуску?


Адзін з адказаў, які я даў сам сябе, калі перайшоў і не змог спыніцца: я зразумеў, што яна больш блізкая да майго сэрца. Мы свае думкі выказваем словамі. Калі кажам “каханне” – гэта не толькі слова, а пачуцце і асацыяцыя.


Словы павінны максімальна падыходзіць да нашых пачуццяў. Да маёй свядомасці беларускія словы падыходзяць у большасці выпадкаў. Напрыклад, слова “цветок” у рускай мове – рэзкі, быццам сенакуў ветку, яшчэ і мужчынскі род. А вось “кветка” – больш ласкава, больш падыходзіць, у гэтым больш логікі.


“Каханне” – таксама, у рускай мове слова адно, а ў беларускай мове есць два. Мне здаецца і так адчуваецца, што каханне да дзяўчынкі і нават любоў да бацькоў – розныя рэчы, і яны павінны мець розныя словы. Напэўна, хто нарадзіўся ў Беларусі і вырас у гэтым асяроддзі, мае свае элементы культуры і менталітэту, нацыянальныя рысы. Трэба карыстацца мовай сваёй. Можа быць хтосьці яшчэ не заўважыў яе прыгажосці, чагосьці баіцца, але калі б ён усе ж паспрабаваў, можа б зразумеў, што так лепей.


Аутар Вольга Ханiс


bottom of page