Зусім нядаўна мы адзначалі Міжнародны дзень роднай мовы. Медыяцэнтр ВДУ прэзентаваў праект “Мова гучыць”, а гэты нумар газеты зроблены двухмоўным. На хвалі захаплення цудоўнасцю роднай мовы мы вырашылі пагутарыць з прафесійным мастаком беларускага слова. Юрый Міхайлавіч Бабіч – выкладчык ВДУ, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства, старшыня Віцебскай Абласной арганізацыі “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” і чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй – расказаў VSU ONLINE пра сваё дзяцінства, студэнцкія гады, пачатак кар’еры і таксама аб тым, чаму без мовы не можа быць нацыі і што зрабіць, каб пачаць размаўляць па-беларуску.
Лёс падарыў лішні год студэнцкага жыцця
Юрый Міхайлавіч нарадзіўся ў вёсцы Глыбоцкага раёна. У дзяцінстве досыць сур’ёзна захапляўся спортам, гуляў у футбол. Но паколькі школа была вясковая, па месцы жыхарства адсутнічалі спартыўныя адпаведныя секцыі, то не было добрых магчымасцей для рэалізацыі ў гэтай сферы. І так паступова ўзнікла жаданне займацца журналістыкай.
- Я меў публікацыі ў рэспубліканскіх выданнях, яшчэ будучы вучнем нешта пісаў пра спорт, у прыватнасці пра тое, чым займаліся ў школе, якія спартыўныя спаборніцтвы праводзіліся. Таксама ў дзяцінстве я захапіўся спартыўнай статыстыкай: скрупулёзна занатоўваў у агульным сшытку ўсю інфармацыю пра чэмпіянаты свету, Алімпійскія гульні. Калі адбываўся чэмпіянат па футболу ці па хакею, у мяне была поўная інфармацыя, хто каму забіў, як скончыўся матч. Тры разы станавіўся пераможцам розных віктарын розных рэспубліканскіх газет, дзякуючы таму, што ў мяне была інфармацыя па статыстыцы.
А потым Юрый Міхайлавіч меў сур’ёзныя намеры звязаць жыццё з журналістыкай, бо ўсё жыцце цікавіўся палітыкай, з самых малодшых класаў ведаў прэзідэнтаў цэнтральных краін свету.
- Я слухаў “Голас Амерыкі”, нямецкую хвалю і, дзякуючы гэтаму, пачаў вывучаць нямецкую мову яшчэ да таго, як яе сталі выкладаць у школе. А потым у рэшце ўзнікла жаданне паспрабаваць сябе ў ролі настаўніка. Пераважна я разглядаў 2 перспектывы: гісторыя і геаграфія. Мне заўсёды вельмі падабалася геаграфія, яшчэ недзе класе ў 4-5 без адмысловых некіх намаганняў, проста механічна засвоіў сталіцы ўсіх краін свету, нават самай маленькай дзяржавы. Але так склаўся лёс, што ў адзін момант неяк так змянілася рашэнне пад уздзеяннем бацькоў, і пасля заканчэння школы былі пададзены дакументы на філалагічны факультэт тады яшчэ Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага, цяперашні ўніверсітэт МаксімаТанка.
Спачатку Юрый Міхайлавіч паступаў на чатырохгадовы тэрмін навучання. Пасля першага курса пайшоў служыць у войска, а за два гады памяняліся ўстаноўкі: тэрмін павялічыўся да 5-гадовага.
- Для мяне гэта была вялікая радасць! Я са здзіўленнем глядзеў на іншых, для якіх гэта было расчараванне: маўляў – лішні год! Лёс падарыў лішні год студэнцкага жыцця – самага бесклапотнага! Інстытут даў мне вельмі шмат у самых розных аспектах. Гэта самы светлы перыяд у жыцці, які быў адзначаны любімым заняткам: амаль кожны дзень мы ігралі ў футбол. У нас была так званая “начная ліга”, у 11 гадзін, калі інтэрнаты зачыняліся, мы выходзілі іграць да гадзіны або да паловы другой, зразумела з дазволу каменданта (я на той час выконваў абавязкі старшыні студсавета, што таксама спрыяла адпаведна такім дзеянням).
Было вялікай загадкай як слова “шчотка” можа перадавацца праз адну літару, што такое “цверды знак” і навошта ён, калі ёсць апостраф.
Юрый Міхайлавіч размаўляе на беларускай мове з дзяцінства. Нават першыя пачутыя і сказаныя словы былі па-беларуску.
- Памятаю, што калі ў 2 класе мы сталі вывучаць рускую мову – гэта быў шок. Было вялікай загадкай як слова “шчотка” можа перадавацца праз адну літару, што такое “цверды знак” і навошта ён, калі ёсць апостраф. Я не чуў рускай мовы дома, толькі па тэлебачанню. Але ж быў перыяд, калі руская мова стала асноўнай для камунікацыі – два гады службы ў савецкім войску. Свядома да таго, каб размаўляць на мове, я прыйшоў на пачатку 3 курса. Зразумеў, што я – беларус, і гэта мая мова.
Хачу спадзявацца, што я – справядлівы настаўнік.
Юрый Міхайлавіч працаваў у школе толькі падчас практыкі.
Калі ён у 90-м годзе закончыў універсітэт, у краіне пачаўся працэс беларусізацыі. Была вялікая патрэба ў спецыялістах-беларусаведах.
У Віцебску пашыраўся склад кафедры, якая аб’ядноўвала і беларускіх лінгвістаў і беларускіх літаратуразнаўцаў.
- Адзін добры знаёмы выкладчык прапанаваў паехаць у Віцебск. Я не меў такіх планаў, хацеў вярнуцца ў свой раён, куды быў накіраваны на працу ў добрую школу. Але прыехаў, пагаварыў. Прыйшоўшы на невялічкі перыяд, фактычна застаўся назаўсёды.
Хачу спадзявацца, што я – справядлівы настаўнік. Я адказваю заўсёды за свае словы, ніколі не даю пустых абяцанняў. Быць справядлівым – гэта вельмі важна незалежна ад абставінах. Я прад’яўляю дастаткова шмат патрабаванняў, каб студэнты атрымлівалі веды, якія ім спатрэбяцца потым.
Галоўная мэта маіх заняткаў – укласці ў свядомасць студэнтаў то, што яны павінны быць сапраўднымі прафесіяналамі. Бачыце, сёння ў нас няма праблемы знайсці нейкія веды – ёсць гугл, іншая справа – як выкарыстаць веды на практыцы. Гэтым я і кіруюся.
Я бачу агульнае “пацяпленне” у краіне
Юрый Міхайлавіч вядомы ў нашым горадзе не толькі як выкладчык, але і як старшыня Віцебскай абласной арганізацыі “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”. “ТБМ” было арганізавана ў 80-х гадах 20-а стагоддзя на хвалі нацыянальнага адраджэння. Безумоўна асноўная задача арганізацыі – папулярызацыя беларускай мовы сярод насельніцтва, падтрыманне рознага кшталту культурных праектаў, спрыянне ў вывучэнні беларускай мовы тымі, хто да гэтага імкнецца.
Ля вытокаў стварэння стаялі класікі нашай беларускай літаратуры, наша эліта: Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін.
- Віцебская абласная арганізацыя была створана ў 1997. Асноўная заслуга належыць першаму старшыні, цяпер ганароваму старшыні – Іосіфу Адамавічу Наумчыку. У нас ёсць рэгіянальныя структуры ў Полацку, Шаркаўшчыне, Глыбокім, Бешанковічах, Заронава. Наша суполка праводзіць розныя акцыі, але ёсць дзве візітоўкі: штогадовае правядзенне літаратурных чытанняў на радзіме Васіля Быкава (в. Бычкі) і раз у 2-3 гады конкурсу сярод рэгіянальнага друку сярод усіх перыядычных выданняў Віцебшчыны па ўжыванню мовы “З беларускім словам”. Традыцыйна высылаем у кожнае выданне інфармацыйны ліст, у якім паведамляецца, што таварыства праводзіць гэты конкурс, выстаўляюцца крытэрыі, ствараем прафесійнае журы, куды ўваходзяць журналісты, лінгвісты, адмыслоўцы культуры беларускага маўлення, каторыя ацэньваюць перыядычныя выданні на прадмет частотнасці выкарыстання беларускай мовы, культуры маўлення, наяўнасці літаратурных старонак, потым падводзім вынікі з прызамі.
У апошні час мы праводзім шмат імпрэзаў на філалагічным факультэце, і ў гэтым, канешне, я вельмі ўдзячны дэкану філфака прафесару Сяргею Нікалаенкі. Гэта добры прыклад, калі грамадская арганізацыя супрацоўнічае з установай адукацыі і праводзіць такія імпрэзы, якія накіраваны на выхаванне нацыянальнай самасвядомасці маладога пакалення.
Далучыцца да "ТБМ" можа любой ахвотны, хто падзяляе задачы і мэты арганізацыі. Кожнаму, хто звяртаецца з такой просьбай прапаноўваюць азнаёміцца са Статутам, напісаць заяву і прыйсці на пасяджэнне рады, дзе можна выступіць са сваім бачаннем.
- Мы ніколі не гналіся за колькасцю ўдзельнікаў таварыства. Можна было б без цяжкасці набраць некалькі соцен чалавек за месяц. У нас іншая мэта: менш ды лепш. У вобласці ў нас больш за 300 чалавек актыўных сябраў – гэта тыя людзі, якія робяць пастаянную працу. Выдаюць газеты мясцовага маштабу, удзельнічаюць у дабрачынных акцыях.
Я таксама заўважаю, што паступова-паступова ажыўляецца і грамадства ў гэтым сэнсе: вось я зараз атрымліваю заяўкі ад бацькоў, якія хацелі б аддаць сваіх дзяцей у беларускамоўныя класы (у Віцебску няма ні воднага, гэта адзіны горад, у якім дзеці не маюць магчымасці вучыцца на роднай мове). Грамадзянская супольнасць спрабуе стварыць праект, ініцыятыва якога ісходзіць ад ТБМ, па ўтварэнню беларускамоўнай вышэйшай установы.
Калі б у нас тэлебачанне пачало б размаўляць на мове не толькі 21 лютага – ужо гэтага факта хапіла б, каб памяняліся адносіны да беларускай мовы, з’явілася б унутраная патрэба гаварыць па-беларуску. Але зрухі ёсць, і яны тлумачацца агульным “пацяпленнем” у краіне. Я веру, што праз некалькі год мы пачнём размаўляць на роднай мове. Гэта здарыцца.
Гісторыя не мае ўмоўнага ладу
Выкладчык задаволены тым, як склалася жыццё. Праз 10 гадоў бачыць сябе ў сваёй роднай вёсцы, займаючыся літаратурнай дзейнасцю і ажыццяўляючы розныя творчыя задумкі.
- Я нарадзіўся ў вёсцы ў Глыбокім раёне, і цяпер амаль на кожныя выхадныя імкнуся туды ехаць. Калі мне не надараецца такая магчымасць, то я адчуваю сябе псіхалагічна вельмі некамфортна, мне трэба абавязкова падыхаць гэтым паветрам, пахадзіць па родных мясцінах. Там жыве мая мама.
У студэнцтве пісаў вершы, некаторыя былі надрукаваны ў “Нашай Ніве”, в інстытуцкай газеце. Калі б сабраў усе, што напісана – напэўна атрымаўся б зборнік.
Мой любімы твор – “Новая Зямля” Якуба Коласа. Яго я перачытваў раней кожны год і кожны раз нешта новае абавязкова знаходзіў. Ты ведаеш, што там будзе на наступнай старонцы, ведаеш, што ты прачытаеш у наступным чатырохрадкоўе, але гэтае адкрыццё прыносіць асалоду.
Калі б я меў мільён, я б патраціў яго на стварэнне "беларускага дома"
У завяршэнні размовы мы вырашылі спытаць героя артыкула, што жа робіць яго шчаслівым.
Шчаслівым чалавекам мяне робяць важныя людзі, якія побач са мной, штотыднёвыя паездкі ў вёску, мае сябры. Калі б я меў мільён, я б патраціў яго на стварэнне нешта накшталт офіса ці беларускага дома, куды б маглі прыходзіць усе ахвотныя.
Вельмі важна, калі гучыць мая родная мова, для мяне гэта – асаблівая асалода. А таксама, калі на беларускую мову пераходзяць тыя, хто яшчэ ўчора гаварыў па-руску - гэта элемент, які дабаўляе аптымізму і ў рэшце сапраўды чыста чалавечага шчасця.
Аўтар Вольга Ханiс
Comments